28 СНЕЖНЯ — 100 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ І. П. АНТОНАВА (1922—2015), ВУЧОНАГА-НЕЎРАПАТОЛАГА, АКАДЭМІКА НАН БЕЛАРУСІ

Адметнае месца ў развіцці неўралагічнай навукі належыць Ігнату Пятровічу Антонаву, аднаму з самых вядомых беларускіх медыкаў ХХ ст.

Нарадзіўся ён у в. Будніца Суражскага (цяпер Віцебскага) раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1940 г. скончыў Віцебскую фельчарска-акушэрскую школу і паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. У час Вялікай Айчыннай вайны быў фельчарам танкавага батальёна, прайшоў з баямі ад Сталінграда да Кёнігсберга, прымаў удзел у вызваленні Мінска. У 1950 г. скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Пасля атрымання дыплома працаваў у Беларускім навукова-даследчым істытуце неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (цяпер Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неў­ралогіі і нейрахірургіі). У 1955 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Клиника и серодиагностика гриппозных поражений нервной системы», у 1966 г. — доктарскую дысертацыю на тэму «Цистицеркоз головного мозга (клиника, диагностика и лечение)». З 1955 г. — асістэнт, з 1959 г. — дацэнт Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. У 1962 г. І. П. Антонаў прызначаны дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута неў­ралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, які ўзначальваў 36 гадоў, у 1998—2008 гг. быў галоўным навуковым кансультантам.

Займаўся вывучэннем шырокага спектра неў­ралагічных праблем: відаў дыягностыкі і лячэння хвароб перыферычнай нервовай сістэмы, гіперкінезу, гіпаталамічных парушэнняў, сутаргавых станаў у дзяцей, арганізацыі неўралагічных служб. І. П. Антонаў — аўтар больш за 630 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій. Самымі значнымі з іх з’яўляюцца: «Судорожные состояния у детей» (1970), «Ангиографическая диагностика сосудистых поражений и опухолей головного мозга» (1973), «Гиперкинезы у детей: вопросы этиологии, патогенеза, лечения» (1975), «Вертебрально-базилярные инсульты» (1977), «Поясничные боли» (1981) (усе ў суаўтарстве) і інш. Прызнанне атрымалі даследаванні, звязаныя з інфекцыйнымі, сасудзістымі і паразітарнымі захворваннямі нервовай сістэмы, патагенетычнымі механізмамі вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту і ўнутрычарапных анеўрызм, распрацоўкай антыгіпаксічных прэпаратаў. Вучоны сфармуляваў тэорыю ролі аўтаімунных працэсаў і сасудзістага фактару пры ўзнікненні астэахандрозу пазваночніка, распрацаваў класіфікацыю захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы. Шырокае прымяненне ў медыцынскай практыцы знайшлі вынікі даследаванняў у галіне курорталогіі і фізіятэрапіі, метадаў фізіятэрапеўтычнага лячэння захворванняў нервовай сістэмы, дзякуючы якім атрымалі развіццё іглатэрапія, мануальная і магнітатэрапія, гіпа- і гіпербарычная аксігенерацыя.

Актыўную навуковую дзейнасць І. П. Антонаў сумяшчаў з грамадскай. Ён узначальваў Усесаюзную праблемную камісію «Захворванні перыферычнай нервовай сістэмы», Беларускае навуковае таварыства неўролагаў, Навукова-курортную камісію. З’яўляўся старшынёй Вучонага медыцынскага савета і членам калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, быў членам бюро Аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, членам праўлення Еўрапейскай навуковай асацыяцыі неўролагаў, членам экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі, Камітэта па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі і інш. Уваходзіў у склад рэдкалегій і рэдакцыйных саветаў медыцынскіх часопісаў, якія выдаваліся ў Беларусі і Расіі. У 1972 г. І. П. Антонаву прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1978 г. узнагароджаны імянной прэміяй Акадэміі медыцынскіх навук СССР імя У. М. Бехцерава. З’яўляўся акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984), членам-карэспандэнтам Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1974), Расійскай акадэміі медыцынскіх навук (1991—2014), Расійскай акадэміі навук (2014). У 1992 г. першым у рэспубліцы атрымаў ганаровае званне «Народны ўрач Беларусі». У 1994 г. за цыкл навуковых прац «Патагенез, клініка i дыягностыка неўралагічных праяўленняў астэахандрозу пазваночніка» (у суаўтарстве) узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Удастоены звання ганаровага грамадзяніна Мінска (1988) і Віцебска (1997). На будынку аднаго з карпусоў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі ў гонар І. П. Антонава ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Заслугі вучонага адзначаны не толькі айчыннымі, але і замежнымі міжнароднымі арганізацыямі, ён быў акадэмікам шэрага міжнародных грамадскіх акадэмій. Амерыканскі біяграфічны інстытут за выдатныя поспехі ў развіцці навукі прысвоіў І. П. Антонаву ганаровае званне «Чалавек года — 97», па рашэнні Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (Кембрыдж, Вялікабрытанія) імя акадэміка ўнесена ў выданне «2000 знакамітых людзей ХХ стагоддзя».

Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), Айчыннай вайны І (1945, 1985) і ІІ (1944) ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Дружбы народаў (1981), Айчыны ІІ (2004) і ІІІ (1997) ступені, медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, значкамі «Выдатнік аховы здароўя» і «Выдатнік курортаў прафсаюзаў СССР».

Працы І. П. Антонава

Заболевания нервной системы: избранные труды и библиография: к 70-летию со дня рождения / И. П. Антонов; Академия наук Беларуси, Научно-исследовательский институт неврологии, нейрохирургии и физиотерапии Минздрава Беларуси. — Минск : Навука і тэхніка, 1992. — 414, [1] с.: ил., табл., портр.

Вертебрально-базилярные инсульты / И. П. Антонов, Л. С. Гиткина. — Минск : Беларусь, 1977. — 239, [1] с.: ил., табл.

Аб жыцці і дзейнасці вучонага

Антонаў Ігнат Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск, 1996. — Т. 1. — С. 387.

Антонов Игнатий Петрович // Республика Беларусь: энциклопедия: [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 2. — С. 121.

Антонов Игнатий Петрович // Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. Т. 2. Витебская область: в 2 кн. — Минск, 2010. — Кн. 1. — С. 20.

Антонов Игнатий Петрович // Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928—2018/ Национальная академия наук Беларуси; [составители: О. А. Гапоненко, Н. Н. Костюкович; редсовет: В. Г. Гусаков (председатель) и др.]. — Минск, 2018. — С. 28—29.

Антонов Игнатий Петрович // Национальная академия наук Беларуси: энциклопедический справочник / Национальная академия наук Беларуси, Издательский дом «Беларуская навука»; [редколлегия: В. Г. Гусаков (главный редактор) и др.]. — Минск, 2017. — С. 46.

Антонов Игнатий Петрович // Ученые, прославившие Беларусь / Национальная академия наук Беларуси, Комиссия по истории науки, Отделение гуманитарных наук и искусств, Центральная научная библиотека им. Я. Коласа; [составители: М. П. Ахремчик и др.; редколлегия: В. Г. Гусаков (главный редактор) и др.]. — Минск, 2017. — С. 274—276.

Долготович Б. Д. Антонов Игнатий Петрович / Б. Д. Долготович // Почетные граждане белорусских городов: биографический справочник / Б. Д. Долготович. — Минск, 2008. — С. 53.

Антонов Игнатий Петрович: жизненный и творческий путь: к 75-летию со дня рождения / Министерство здравоохранения Республики Беларусь, Национальная академия наук Беларуси, НИИ неврологии, нейрохирургии и физиотерапии Минздрава Республики Беларусь, Правления Белорусских научных обществ неврологии, нейрохирургии, физиотерапии и курортологии. — Минск: БелЦНМИ, 1997. — 107 с., [4] л. фот.

Антонов Игнатий Петрович: биобиблиографиче­ский указатель / Министерство здравоохранения БССР, Белорусский научно-исследовательский институт неврологии, нейрохирургии и физиотерапии, Республиканская научно-медицинская библиотека; [составители: М. А. Гончар, З. М. Чумарина; научный редактор И. А. Склют]. — Минск: РНМБ, 1982. — 70 с.

 

Кантактная інфармацыя:

Варанько Кацярына Дзмітрыеўна — вядучы бібліёграф.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Пр. Незалежнасці, 116, 220114, г. Мінск.

Сл. тэл. +375 17 293-28-09.

Канфлікт інтарэсаў адсутнічае.

Паступіла 22.11.2022.

Прынята да друку 25.11.2022.


Автор(ы): К. Д. ВАРАНЬКО
Медучреждение: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мiнск, Беларусь